Галоўная / Часопіс / Электронныя матэрыялы
"ПОВЯЗЬ ЧАСОЎ – БЕЛАРУСКІ РУЧНІК" ФАЛЬКЛОРНАЕ СВЯТА

"ПОВЯЗЬ ЧАСОЎ – БЕЛАРУСКІ РУЧНІК" ФАЛЬКЛОРНАЕ СВЯТА

Спампаваць ў фармаце PDF
“ПОВЯЗЬ ЧАСОЎ – БЕЛАРУСКІ РУЧНІК”
ФАЛЬКЛОРНАЕ СВЯТА


Таццяна ПАМАЗЕНКА,
Галіна ВАЎЧОК,
СВЯТЛАНА САРАЧЫНСКАЯ,
выкладчыкі кафедры філалогіі
педагагічнага факультэта
Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Мэты свята:
1. паглыбіць і пашырыць веды па народнай музыцы, літаратуры, этнаграфіі і фальклоры праз гісторыю развіцця ручніковай вытворчасці ў Беларусі, віды ручнікоў, іх ролю ў сямейнай абраднасці беларусаў, лакальныя тыпы;
2. развіццё ў студэнтаў цікавасці да гісторыі, побыту культуры, беларускіх народных традыцый; эстэтычнага густу, творчага падыходу, ініцыятыўнасці праз дэманстрацыю беларускіх тканых і вышываных ручнікоў;
3. выхаванне павагі да традыцыйнага беларускага народнага мастацтва.

Афармленне залы:
 зала аформлена ў этнастылі (сцены ўпрыгожаны ручнікамі, сталы засланы вышытымі абрусамі; на іх расстаўленыя прысмакі, самавар, кубачкі);
 на дошцы вялікімі літарамі змешчана назва свята, упрыгожаная караваем на ручніку з васількамі і рамонкамі, жытнёвымі каласамі, галубамі;
 выстава кніг і альбомаў “Беларускае ткацтва і вышыўка”;
 выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Таленты народнай душы”;
 тэматычная мультымедыйная прэзентацыя “Повязь часоў – беларускі ручнік”;
 плакаты: “На ручнічок стаць – век адзін аднаго кахаць”(нар. прык.); “Дзе ручнік – там і хлеб” (нар. прык.); “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына” (Я. Купала); “Край наш – дзівосны прыстанак загадак і цудаў...”(М. Гусоўскі); “Умельства рук, / Душы натхненне / У працу ўкладвае народ”(А. Бялевіч).
Ход мерапрыемства
Гучыць запіс песні “Хлеб ды соль” (ансамбль народнай песні “Бяседа”). На фоне музыкі выходзяць вядучыя ў нацыянальных строях з хлебам-соллю на ручніку і пачынаюць свята.
1-ы вядучы.
На ручніках, расшытых пеўнямі,
Хлеб-соль падносім для гасцей.
Вядзём за стол, каўшамі пеннымі
Частуем брагай пагусцей.
I не хаваем − дзе падзенешся? –
Сваіх пачэсных мазалёў.
А трэба − крошкаю падзелішся:
Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.
Спіной не гнуліся жабрацкаю…
І хоць шукаем свой мазоль.
Мы дзелім хлеб рукою брацкаю,
І любяць нас, і ў гэтым – соль!
2-і вядучы.
Я звычай маці сваёй зберагаю,
Усіх гасцей хлебам-соллю вітаю.
Кожны з вас будзе ўсмешкай сагрэт,
Калі ласка, прыміце наш хлеб.
Вядучыя кланяюцца гасцям і падносяць хлеб-соль на ручніку.
3-і вядучы. Хлебам-соллю мы сустракаем сёння вас, нашы пачэсныя госці! З даўніх часоў сімвалам беларускай гасціннасці, адкрытасці і дабрабыту быў ручнік.
Аповед вядучых суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй.
1-ы вядучы. Ручнiк − рэч глыбока сiмвалiчная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытканая тканiна выклiкае ў нас шмат пачуццяў i асацыяцый. Створаны па законах мастацтва, ручнiк упрыгожвае побыт i адначасова сiмвалiчны напамiн пра нябачныя сувязі, што знiтоўваюць асобнага чалавека з Богам, родам, продкамi. Сваёй прысутнасцю ў хатнiм чырвоным куце цi ў царкве на абразах, на прыдарожным цi надмагiльным крыжы ручнiк адзначае тую прастору, у якой чалавек праз словы малiтвы здольны ўзняцца да спасцiжэння складаных сувязей з Сусветам.
Ручнiк адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва.
2-і вядучы. Ва ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфравана гісторыя жыцця людзей і прыроды, гісторыя роднага краю. Ёсць такая легенда. Напрыканцы XII ст. на землі Беларусі абрушылася крыжацкая навала. Крыжакоў на адкрытых прасторах перамагчы было вельмі цяжка, практычна немагчыма. Але нашы продкі, як тыя партызаны, хаваліся ў лесе. Яны слалі ручнікі ў выглядзе сцежкі на балоцістай глебе і заманьвалі туды ворагаў. А ў крыжакоў былі на ботах шпоры, і калі яны праходзілі па гэтых ручніках, то чапляліся шпорамі за іх і падалі. З засады выскаквалі воіны і з лёгкасцю бралі ворагаў у палон.
3-і вядучы. Канкрэтныя знаходкі ручніка датуюцца перыядам Кіеўскай Русі. Ён быў звычайным для тагачаснага побыту прадметам. Яго ўжо тады арнаментавалі і заўсёды ставіліся да палатніны з пашанай. Варта прыгадаць кіеўскі скарб, знойдзены ў 1876 г., які складаўся са 120 сярэбраных манет часоў Старажытнай Русі. Без сумнення, яны апынуліся ў зямлі з прычыны татарскай навалы, таму і былі спехам закапаны, абгорнутыя толькі тканінай. Ёю аказаўся вышыты ручнік, сатлелыя рэшткі якога і выцягнулі з глебы разам з манетамі. Шчасліваму захаванню палатніны ў дадзеным выпадку садзейнічала знаходжанне яе са значнай колькасцю металічных, тым больш сярэбраных рэчаў.
1-ы вядучы. Як выглядаў старажытны беларускі ручнік? Ён быў трошкі меншы па сваіх памерах за сучасны, вырабляўся нескладанымі спосабамі ткацтва, а калі арнаментаваўся, то пераважна шыццём. У колеравых адносінах пераважалі шэра-белыя ці прыглушаныя чырвона-карычневыя адценні льнянога прадзіва.
2-і вядучы. Больш дакладныя звесткі пра беларускі ручнік пакінула Сярэднявечча. Ручнік згадваецца ў дакументах гарадскіх судоў Мінска, Магілёва, Брэста, Гродна, Вільні, Слоніма, Віцебска і іншых гарадоў як адзін з папулярных прадметаў гарадскога і сялянскага побыту. Тады карысталіся простымі ўціральнікамі і ўзорыста вышыванымі ручнікамі з хатняга палатна. Яны складалі пасаг і вясковай, і гарадской дзяўчыны. У той час ручнік набыў адзнакі каштоўнай дэкаратыўнай рэчы і разам з іншымі мастацкімі тканінамі з’яўляўся прадметам гандлю. Тая акалічнасць, што беларусы ведалі ручнікі і блізкіх, і даволі далёкіх заходнееўрапейскіх краін, не перашкаджала ім трымацца свайго ўласнага арнаментальна-каляровага стылю, які адразу ж выдаваў “полотенце шитое литовское”.
3-і вядучы. Падобны выраб адлюстраваны на гравюры “Ф. Скарына”, змешчанай у Бібліі 1517 − 1519 гг., дзе вядомы асветнік паказаны за маленькім рабочым столікам, пакрытым багата арнаментаваным ручніком. Наяўнасць ручніка, ды яшчэ ў цэнтральнай частцы гравюры, наўрад ці выпадковая. Трэба думаць, наш славуты першадрукар быў добра знаёмы з культурай сваёй зямлі. Таму тканіна на гравюры сканцэнтравана перадае выразныя рысы беларускага ручніка: ромба-геаметрычны арнамент, скампанаванасць яго ў папярочныя палосы, разбеленасць фонам, доўгія махры. Асаблівасці аздаблення палатна паказаны старанна і досыць рэалістычна, тут угадваецца стылістыка вырабаў паўночна-ўсходняй Беларусі.
1-ы вядучы. У залежнасці ад прызначэння і функцыі ручнікі маюць розныя назвы. Ручнікі ўтылітарныя паўсюдна на Беларусі называюцца ўціральнік, уцірач, уцірка − кавалак тканiны без дэкору цi з вузенькiмi палоскамi-ператыкамi па краях, − якi выкарыстоўваюць для побытавых патрэб (імі ў паўсядзённым жыцці выціралі рукі і твар). Прычым на патрэбу сям’і выдзяляўся толькі адзін ручнік, які звычайна вісеў па сярэдзіне сцяны. У лазню яго не бралі.
Аповед вядучых пра віды ручнікоў суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй.
2-і вядучы. Да ліку ручнікоў утылітарнага прызначэння належаў скарач, ці трапкач, пацірач (на Палессі), ці брэндзал (на паўночным захадзе) – маленькі, квадратнай ці падоўжанай формы, неад’емнай прыналежнасцю якога былі доўгія махры, часам акуратна спавітыя прыгожымі шнурамі-кутасамі. Скарачы, звычайна больш складаныя за ўціральнік па каларыце, спосабах выканання, ніколі не ткаліся асобным вырабам, а адразаліся ад простага ці ўзорыстага палатна. Яны ўжываліся для выцірання посуду, рук, а пругка сплеценымі кутасамі іх “на скорую руку білі дзяцей”. Галоўная ж функцыя такога ручніка – зручная, лёгкая і танная прылада для пераносу керамічнага посуду з ежай. Сабраныя наверсе вакол пасудзіны доўгія махры ўтваралі ручку, што дазваляла зручна пераносіць палявыя гаршкі з хаты на сенажаць ці жніво.
3-і вядучы. Самым высокім статутам надзяляліся абрадавыя, або рытуальныя, ручнікі, багата аздобленыя натыканнем, вышыўкай, карункамi. Абрадавыя ручнікі выкарыстоўвалі ў святы і ў абрадах. Яны былі ўпрыгоджаны арнаментальнай вышыўкай з кветак, геаметрычных сімвалаў (круг, крыж, ромб) і чароўных птушак. У якасці фарбаў для пражы выкарыстоўвалі расліны. Чорны колер атрымлівалі пры дапамозе бабоўніку ці змешвалі сок буракоў з настоем кары вольхі. Чырвоны – рабілі з настою валошкі, адвару сырой мацярдушкі, адвару сырой кары рабіны. Для зялёнага колеру выкарыстоўвалі лісты бярозы, адвар з сырых лістоў каманімніка.
1-ы вядучы. Ручнікі для падарункаў мелі назву платкі, спецыяльна прызначаныя для выканання пэўнага абраду – абыдзеннікі. Відазмененай формай абрадавага ручніка быў і надзежнік – палатняная накрыўка для дзяжы. Яго таксама выкарыстоўвалі на ўрачыстым паднашэнні гасцям каравая з хлебам-соллю. Увогуле гэта адзін са шматлікіх прыкладаў найцяснейшай сувязі ручніка з хлебам, якая праглядаецца скрозь усю сямейную і каляндарную абраднасць беларусаў.
2-і вядучы. Яшчэ адным відам ручнікоў была намітка – своеасаблівы галаўны ўбор беларускіх жанчын. Канцы ручніка намотвалі, завівалі, мудрагеліста абкручвалі вакол галавы, пакідаючы свабодным толькі твар. У беларусаў намітка лічыцца адным з самых архаічных прадметаў жаночага строю.
3-і вядучы. Ручніковая тканіна, прызначаная для ўпрыгожвання абразоў і бажніц, называлася набожнік. Злучанасць гэтай рэчы з абразамі, з чырвоным кутом адлюстравана ў лакальных назвах: набразнік, абразны ручнік, накутнік, багавік, завеска, плат, платок, набожны платок. Ён вылучаўся выразнай дэкаратыўнасцю і пэўнай даўжынёй, якая вар’іравалася ад 2 да 5 метраў у залежнасці ад памераў бажніцы і колькасці абразоў. Пакрывалі бажніцу звычайна адным суцэльным вырабам, іншы раз вылучаючы галоўны абраз асобным, найлепш аздобленым набожнікам.
1-ы вядучы. Аброчныя (запаветныя) ручнікі, ці ручнікі-абярэгі, прыносяць па абяцанні ці запавеце на абракальныя, прыдарожныя і раскрэсныя крыжы, прошчы, святыя крыніцы, святыя дрэвы як ахвяру, дар, сродак усталявання чалавекам кантакту з вышэйшым светам, індывідуальную просьбу да Бога. Выраблялі спецыяльныя аброчныя ручнікі, якія ахвяравалі ў царкву ці касцёл, капліцу ў крызісныя сітуацыі (засуха, эпідэмія, вайна, хваробы дзяцей). На Палессі многія жанчыны ткалі спецыяльныя ручнікі-абярэгі для ўсёй сям’і і выкарыстоўвалі іх для палягчэння родаў, пазбаўлення ад бясплоддзя, а таксама для захавання хатняй жывёлы і паляпшэння дабрабыту. Гэтыя ручнікі трымалі за абразамі, але пры неабходнасці бралі з сабой у далёкую дарогу. Ручнікі-абярэгі пераходзілі з роду ў род, з пакалення ў пакаленне. У многіх сем’ях яны жывуць і па сённяшні дзень.
Гучыць ціхая інструментальная музыка. Выконваецца ўрывак з верша “Крыжы-абярэгі” М. Башлыкова.
1-ы чытальнік.
У вёсках палескіх,
Як белыя здані,
Стаяць на раскрэсах
У шызым тумане
Крыжы-абярэгі…
Я помню з маленства
Магічныя знакі:
Ад буры, пажару,
Вады і маланкі
Ахоўвалі стрэхі…
На божыя святы
З малітвай жанчыны
Ручнік ускладалі

На крыж пуцявінны
І білі паклоны…
Крыжы-абярэгі…
Ля іх бласлаўлялі
Дзяцей ў дарогу,
Страчалі гасцей
І маліліся Богу…
Да самага скону
Былі яны побач.
І ў шлях той апошні
Ад вёскі праз пожню
Ішлі да пагосту
Крыжы-абярэгі…
2-і вядучы. Ручнік, бясспрэчна, быў родавым абярэгам, а ў сучасным разуменні ўвасабляў ідэю сцяга. Гэтае ахоўнае покрыва збірала пад сваю апеку ўвесь род, прычым лічылася, што магічная сіла разлівалася не толькі на жывых, але і на памерлых суродзічаў. Ручнік паўставаў сімвалам адзінства, знакам аб’яднання ў межах роду, а пазней сямейнае сацыяльнае групы, урэшце знакам групавой сілы, а менавіта, здольнасці абараніць блізкіх. І толькі з зацямненнем першапачатковае сімволікі ручніка ўвага была перанесена на дэкаратыўна-мастацкую значнасць палатніны.
3-і вядучы. Кожны з ручнікоў меў свой арнамент. На жаль, вучоныя-этнографы і мастацтвазнаўцы толькі пачалі працу па расшыфроўцы гэтых “тэкстаў”. Аднак ужо сёння з’яўляецца відавочным той факт, што ручнік – духоўнае ўвасабленне Млечнага шляху, па якім на працягу года рухалася Сонейка. Цікава тое, што яшчэ і сёння жыве традыцыя: саматканыя ручнікі, якія будуць выкарыстоўваць ці выкарыстоўвалі ў абрадах, пасля сціркі заварочваць у “трубы”, “кацёлкі”, нагадваючы знаходку археолагаў – старажытныя егіпецкія пісьмёны.
1-ы вядучы. Адной з важных характарыстык ручніка быў яго колер. Як правіла, ручнік меў два асноўныя колеры – чырвоны і белы, прычым узоры чырвоных палёў ручніка былі сіметрычныя ў адносінах адзін да аднаго. У традыцыйнай культуры славян белы колер сімвалізаваў пераход з аднаго стану ў другі. Чырвоны – наадварот, адпавядаў стабільнасці, спакою.
Гучыць ціхая інструментальная музыка. Выконваецца ўрывак з верша “Куфар” Л. Геніюш.

2-і чытальнік.
Сцежкамі ў полі ўздоўж дарожных даляў
вышытыя розна ручнікі ляжалі,
белыя, даўгія − гэтак ў час мяцелі
студзень каля хатаў чысты снег пасцеле.
А на іх, рукою вышыты жаночай,
сінія валошкі з макамі ў вяночак,
галубок і пеўнік, ягады каліны,
нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.
Па канцах карункі тонкім павуцуннем
альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.
Ў покуці павесіць, на абраз у хату,
альбо перакінуць цераз плечы свату
ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,
знача з працавітых, калі поўна скрыня,
няхай паглядаюць і сваты, і госці –
колькі вышыванай, любай прыгажосці.

2-і вядучы. Як вы заўважылі, ручнікі бываюць тканыя, вышываныя, з карункавай аздобай. У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, адметнай, не такой, як у суседзяў, хоць вядома, якой яна ні была б, чалавек заўсёды скажа: “Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта – беларускі”.
3-і вядучы. Лепшыя сучасныя ўзоры ручнікоў дэманструюць адпаведныя часу змены і разам з тым устойлівую захаванасць лакальных, рэгіянальных і нацыянальных мастацкіх асаблівасцей. Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук.
Мультымедыя лакальных асаблівасцей беларускіх ручнікоў суправаджаецца інструментальнай музыкай.
1-ы вядучы. Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць i мінуламу, i сучаснасці. Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў iм адчуваецца i ў нашы дні. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыццёвага шляху чалавека. Мы бачым падоўжаны кавалак узорыстай тканіны там, дзе святкуюцца радзіны i вяселле, сустракаем яго i на праводзінах у апошнюю дарогу. Без традыцыйнага набожніка не абыходзіцца зараз i ніводная больш-менш значная выстава народнага мастацтва, бо менавіта ручнік з найбольшай яркасцю ўвасабляе нацыянальныя рысы арнаментальнага мастацтва, высокае майстэрства ткацтва, вышыўкі i вязання.

1-ы вядучы. А зараз вашай увазе мы прапануем паглядзець найбольш важныя моманты жыццёвага шляху, у якіх удзельнічае ручнік.
Выкананне народнай песні “Ручнікі” суправаджаеца інсцэніраваннем галоўнымі героямі абрадавых дзеянняў (хлопец Янка і дзяўчына Алёнка − у будучым выконваць ролю маладых).

У суботу Янка ехаў ля ракі.
Пад вярбой Алёна мыла ручнікі.
– Пакажы, Алёна, броду земляку,
Дзе тут пераехаць на кані раку?
– Адчапіся, хлопец, едзь абы-куды,
Не муці мне толькі чыстае вады.
У маркоце Янка галавой панік,
Упусціла дзеўка беленькі ручнік.
– Янка, мой саколік, памажы хутчэй,
Ой, плыве-знікае ручнічок з вачэй!
– Любая Алёна, я ж вады баюсь,
Пацалуй спачатку, бо я ўтаплюсь.
Супыніўся гнеды пад вярбой густой,
Цалавала Янку Лена над ракой.
Стала ціха-ціха на ўсёй зямлі...
Па рацэ далёка ручнікі плылі.

2-і вядучы. Прайшоў тыдзень…другі… месяц…Заглянем у Аленчыну хату…
Гучыць запіс песні “Былі ў мяне сваты” (ансамбль народнай песні “Бяседа”). Беларуская хата. У хаце маці за сталом вышывае ручнік. Уваходзіць дачка Аленка. Пераглядае ручнікі ў прадчуванні сустрэчы са сватамі.
Алёнка (разглядае ручнік).

Я сягоння раненька ўстала,
Хоць і не будзіла матуля.
Гладдзю ручнічок вышывала,
Мне гады лічыла зязюля.
Вышыла на белым абрусе
Кветачкі валошкі ў полі.
Вышыла лясы Беларусі,
Стройныя пад Нёманам таполі.
А яшчэ я хлопцу на ранку
Вышыла сцяжынку да сэрца,
Хай падносіць ён мне да ганку
Поўнае на шчасце вядзерца.
Выйду, павяжу ў карагодзе
Хлопцу ручнічок вышываны.
Каб са мною жыў ён ў згодзе.
Быў душой і сэрцам адданы.
Я сягоння раненька ўстала,
Выйшла на світальныя росы,
Сэрца мне ўзор падказала
Для цябе, мой мілы, харошы.

Бацькі і дачка прыбіраюць хату, развешваюць святочныя ручнікі.

1-ы вядучы. Вядучы гучна аб’яўляе. Абрад заручыны.
Гучыць запіс песні “Заручыны” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).

2-і вядучы.
Можа з Гродна, можа з Брэста,
Можа з Менска – не злічыць –
Да князёўны, да нявесты
Хлопец-князь на тройках мчыць.
З ім вясёлая дружына.
Гаварун – галоўны сват.
Як сасватае дзяўчыну,
Дык вядзі на баль-агляд.
На шляху ў прысадах вёска.
Дзень суботні – сватаць час.
Чуць па хатах пагалоска:
У сваты едзе хлопец-князь.
Ля святліцы, ля хаціны
Супыняе тройка бег.
На чале сваёй дружыны
Сват у двор ідзе пад смех.
Сват. Добры дзень, у вашу хату!
Знаем, ёсць лябёдка ў вас.
Лебедзь наш – красун крылаты –
Без яе марнуе час.
Мы, як птахі, к вам ляцелі
Міма вёсак, міма пунь.
І нідзе такіх не стрэлі
Сінявокіх прыгажунь.
Гаспадар.

Калі ласка, у нашу хату!
За шырокі сядзем стол,
Паглядзім, ці вы багаты, −
Срэбра сыпнеце прыпол?
Вам лябёдку-прыгажуню
Не прыдумаць, не прысніць.
Беларусачку-красуню
Хіба ж можна не цаніць?

Дружкі (іранічна).

Мы думалі сваты едуць,
А яны пяшком ідуць.
Жаніха ў мяшку нясуць,
А з мяшка ногі тарчаць.
На яго каты бурчаць.
Яны выпіць хочуць.


1-ы вядучы.
Уваходзяць госці, глечык
Ставяць чынна на абрус.
Ці бабровы, ці заечы
Кажушок з сабой нясуць.

Пачынаецца бяседа,
За сталом кілішкаў звон:
Хай іх род мінаюць беды,
Будзе поўны дзеткаў дом.

Сваты прыносяць і падарунак: гарэлку і бохан хлеба, загорнуты ў ручнік. Бацькі запрашаюць гасцей за стол. У гэты час гучыць запіс песні “Спявай, бяседа звонкая…” (ансамбль народнай песні “Бяседа”). За сталом вядуцца перамовы пра будучае вяселле.
Гучыць ціхая інструментальная музыка. Малады накіроўваецца да нявесты з кветкамі ў руках.
Малады.

Зорны вечар саткаў
Залатыя ўзоры.
Як цябе я спаткаў, −
Сталі сведкамі зоры.

На світанні ўзышла
Яркім промнем заранка.
Ой, нашто ж ты мяне
Цалавала, вяснянка?
Колькі помню начэй,
Пацалункаў да болю.
Васільковых вачэй
Не забуду ніколі.

Ты, дзяўчына-краса,
Адкажы па-дзявочы:
Ой, чаму ж у цябе
Васільковыя вочы?

З той мінуты нашу
Ў сваім сэрцы трывогі,
Можа, суджана так,
Каб сышліся дарогі.

І да ранішніх зор
Мару доўгія ночы.
Ой, нашто ж я спаткаў
Васільковыя вочы?

Маладая выходзіць яму насустрач. Адбываецца сустрэча.

2-і вядучы.

Малады чакае зводу, −
Ці звядзе іх сват, ці не?
І дае дзяўчына згоду
Пацалункамі ўтрайне.

1-ы вядучы. Калі нявеста ў прысутнасці блізкай радні афіцыйна згаджалася на шлюб, то яна перапаясвала ручніком маладога, перавязвала ручніком свата. У бутэльку, прынесеную сватам, маці насыпала збожжа жыта, загортвала ў ручнік, абмотвала поясам і вяртала свату, што азначала: “Пасеянае збожжа абавязкова прарасце новым коласам”. Сваты за сталом вызначалі дзень вяселля і гаварылі пра пасаг.
Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі вяселля.
2-і вядучы.

Пеўні трэція прапелі,
Пачынае ўжо святлець.
Эх, сяброўкі захацелі
Маладой яшчэ прапець.


Сяброўкі (спяваюць).
Ой, запіта, князёўна, запіта,
Залатая каса не развіта.
Разаўём, як настане часіна,
Як прымчыць маладога дружына.

Прыпеў:
Кукавала зязюля ў садочку,
Не шкадуй, маці, любую дочку, −
Будзе зяць твой прыгожы, харошы,
Ты не купіш такога за грошы.


Ой, князёўна, не плач, не журыся,
А дзявочаму лёсу скарыся.
Хлопец-князь адвядзе ў харомы,
Будзе шлях твой да маці знаёмы.

Прыпеў:
Кукавала зязюля ў садочку,
Не шкадуй, маці, любую дочку, −
Будзе зяць твой прыгожы, харошы,
Ты не купіш такога за грошы.

2-і вядучы.

На дварэ ўжо світае,
Бачыць гэта сват-сваток.
Сямітраўкі налівае
На ад’езд, на пасашок.
І жадае ўсім ад сэрца
На вяселлі стрэцца зноў:
“Праз два месяцы – паверце, −
Маладых злучыць любоў”.

Удзельнікі выконваюць за сталом песню “На пасашок”.
Госці выходзяць, развітваюцца.
1-ы вядучы.

Можа з Гродна, можа з Брэста.
Можа з Менска − не злічыць, −
Ад князёўны, ад нявесты
Хлопец-князь на тройках мчыць.


2-і вядучы. Вядучы гучна аб’яўляе. Наступіў дзень вяселля.
Гучыць запіс песні “Гуляць дык гуляць” (ансамбль “Сябры”).
1-ы вядучы. Абрад запросіны. Маладая ў святочным убранні з хлебам, загорнутым у ручнік, і з завязаным на руцэ ручніком – за гэтую руку яе вяла таксама прыбраная дружка – ішла запрашаць аднавяскоўцаў. Пры ўваходзе ў хату нявеста дзверы не зачыняла, а выходзячы, цягнула ручнік па зямлі, што мусіла спрыяць хуткаму вяселлю дачок гаспадара.
Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі вяселля.
2-і вядучы. Зборная субота. У зборную суботу, якая адносна дзявоцкіх збораў мае найбольш пашыраныя ў нашым краі назвы: дзявочнік, суборы, паненскі вечар, вяночкі, дзявоцкія заручыны, дзявічкі, да дзяўчыны-нявесты прыходзілі сяброўкі – шаферкі. Маладая прызначала сярод іх старшую дружку. У хаце нявесты ў зборную суботу праводзіліся чатыры вельмі важныя перадвясельныя рытуалы: пасад, развітанне з касою, завіванне вянка і развітанне з дзяўчатамі-сяброўкамі
Заходзяць дзяўчаты.

2-і вядучы. Хай на скрыпках, цымбалах музыкі зайграюць,
А чароўныя гукі хай гасцей нам збіраюць,
Хай дзяўчаткі-кабеткі звонка песні спяваюць,
На зямлі беларускай зноў вяселле спраўляюць.
Так гулялі раней, хай жа вернецца зноў!
Маці. Добры дзень, любыя. Заходзьце, калі ласка. Дзякуй вам, даражэнькія, што прыйшлі. Ну, дачушка, трэба да шлюбу збірацца. Хутка жаніх прыедзе.
Вядучы 1.
Суборная суботачка настала.
Наша Аленачка ўсіх дзевачак сабрала.
А сабраўшы, у радок саджала.
Сама села, усіх дзевачак пасадзіла,
Скланіла яна галовачку найніжэй,
Сваей мамачцы, сваей родненькай найніжэй,
Бо яна ў яе за ўсю радзінку наймілей.
Дружкі. Ляцелі гусачкі цераз сад,
Махнулі крыльцамі на ўвесь лад.
Пара табе, Аленачка, на пасад.
1-ы вядучы. Пасад. Перш чым садзіць дзяўчыну на пасад, бацька ўносіў у хату, дзе сабраліся сяброўкі нявесты, дзяжу, у якой мясілі хлеб, і ставіў яе пасярэдзіне хаты ці перад кутнімі абразамі. Такую дзяжу накрывалі паверх века ручніком.
Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі вяселля.
Дзяўчына (да Аленачкі).
Дзе ж, Аленачка, твой родны брат?
Хто ж цябе завядзе на пасад?
На шчаслівенькае месцечка,
На залатое крэслічка? (Маладая гукае брата).
1-ы вядучы.
Яснае сонца калясом ідзе раненько!
Да брат сястру на пасад вядзе раненько!
Ён яе вядзе ды спыняе раненько!
Да брат сястру праўду пытае раненько: (брат звяртаецца да сястры)
Брат.
Ды хто ж табе наймілей, найлюбей, раненько?
Сястра.
Род, брацейко, наймілей, найлюбей, раненько!
1-ы вядучы.
Затым брат браў сястру за руку і, абвёўшы вакол дзяжы, прасіў:
Брат.
Благаславіце, татка і маці,
Сястру на пасад саджаці!
1-ы вядучы.
Бацькі, як таго патрабавалі звычаі, адказвалі:
Бацькі (разам).
Бог благаславіць,
А бацька і маць вяліць!
Такое благаславенне паўтаралася тры разы.
Нявеста. Братка, я ўся дрыжу.
Брат.
Ты ж ідзеш не за мядзведзя.
Лепш садзіся на дзяжу (дзяжа накрыта ручніком).
Садзіся, сястрычка, на мяккую воўну,
Хай будзе і шчасця, і радасці поўна.
Наша Аленка на пасад ідзець…
Дзяўчаты выносяць столік, на ім шчоткі, грабяні, заколкі; па чарзе расчэсваюць і заплятаюць валасы, надзяваюць вянок. Гучыць песня “Звіняць, звіняць звончыкі…” (ансамбль “Бяседа”). Чуецца музыка і гоман удалечыні, звіняць званочкі. Дзяўчаты гавораць: “Едуць! Едуць!” На сцэне з’яўляецца жаніх, яго дружына. Наперад выходзіць сват. Дружкі выносяць у дзверы стол. Маладую хаваюць.
Дружкі.

Чаго ты, малойчык, прыехаў?
Мы табе дзевачкі не дадзім!
Мы табе дзевачкі не дадзім,
Мы тваёй паходкі паглядзім.
Мы табе ганьбачкі тры дадзім:
А першая ганьбачка − конь малы,
Другая ганьбачка − сам стары,
Трэцяя ганьбачка − п’яніца.

Сват.

Прыехалі мы да вашага двара,
Шукалі дзявіцу-куніцу
Для нашага хлопчыка-малойчыка.
Нявеста нам вельмі трэба,
Але каб вочы сінія, як неба,
Каб ручанькі, як у лябёдушкі крылы,
Каб вясёлая была і спраўна рабіла.

Свацця.

Многа ты, сваточак, хочаш, вядома,
Але адкажу: ёсць у нас такая дома,
Ды дорага яна каштуе,
А мо, сват, і не пашкадуеш?

Сват.
Ды прашу ў вас не бясплатна.
Вось наш жаніх, у яго розуму багата.
Падыдзі, Ян, пакажыся сватам,
Глядзіце − прыгажун, а які ў яго стан!
Каштуе жаніх немалыя грошы,
Ён рахманы, з нявестай будзе харошы.
Тавар на тавар абмяняем,
Яшчэ мёду збан зверху прыбаўляем.

Дружкі.

Як казалі, так і ёсць:
Вялікія вочы, доўгі нос.
Бруха, як начоўкі, − чуць унёс.
Чаму, Аленачка, не ўглядалась,
За чым жа ты пагналась?
1-я дзяўчына.
Наша Аленка − ягадка,
Ваш Янка − калодка.
2-я дзяўчына.
Наша Аленка − мілы дзень,
Ваш Янка − гнілы пень.
3-я дзяўчына.
Казалі, Янка вельмі харош,
А ў яго ж доўгі нос.
4-я дзяўчына.
Рыжыя бровы, як у каровы,
Рыжыя вусы, як у лісы,
А нажышча, як качаржышча.
Усе разам. Не аддадзім Аленку!
Хлопцы. Ды што ж нам зрабіць, каб Аленку забраць?
1-я дзяўчына.

А ў свата з кішэні пірог точыцца,
I нам яго хочацца.
Калі нам яго не дасі,
То і сам не з’ясі.
Сабакі цябе пераймуць,
З кішэняй пірог адарвуць.

2-я дзяўчына.

Ты ж, маладзенькі Янка,
Ці любіш нашу Аленку?
Калі любіш − дык дары пірог,
А не любіш − дык уцякай за парог.

Дружка маладога.
Дам вам за Аленку сена вязанку
I яшчэ ў прыдатку бобу лапатку,
Медзі ў ручку, рабую сабаку Жучку.
Дзяўчына.
Давай, дружка, паболей медзі ў ручку
I пакінь сабе сваю сабаку Жучку.

Дружкі маладога перадаюць дзяўчатам вялікі пірог, загорнуты ў ручнік, бутэльку і сыплюць цукеркі, абаранкі, грошы. Дзяўчаты выводзяць маладую за ручнік. Як магічны сродак маладая цягне за сабой завязаны ручнік на руцэ, каб сяброўкі хутка выходзілі замуж.
Гучыць фонавая музыка.
Сват.
Дом гасцінны, пір гарой,
Музыкі цешаць гасцей ігрой.
Панове музыкі, прашу не іграць –
Будзем мы Аленку благаслаўляць.
Дай Божа ў добры час пачаць,
А ў злы памаўчаць.
Родныя бацька і маці, станьце на пастаці,
Дайце рады свайму дзіцяці ды шлюб прыняці,
Век векаваці, гора не знаці,
Дабро нажываці ў добрым здароўі,
Вясёлым жыцці, сабе на радасць, людзям на ўцеху.
2-і вядучы. Наступіў адказны момант – выпраўляць маладых пад вянец. Бацькі засцілалі пасярод хаты ручнік, бацька запальваў грамнічную свечку, маці брала ў адну руку невялічкі абраз, пакрыты ручніком, які лічыўся заступнікам роду і сям’і, побач на стуле ставілі невялікую пасудзіну – гаршчок ці міску з асвянцоным у царкве зернем, у якое дасыпалі і тое зерне, якім дзяўчына ў час сватання напаўняла сватнюю бутэльку, і клікалі маладых стаць “на ручнічок”.
Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі вяселля.
Маці. А зараз станьце на ручнік. У народзе кажуць: “На ручнік стаць – век адзін аднаго кахаць”.
Абрад суправаджаецца музычнай кампазіцыяй “Туман ярам”. Калі спяваюць: “А я з табой на ручнік стану”, маладыя становяцца на ручнік.

Маладыя станавіліся на ручнік і, нізка пакланіўшыся бацькам тройчы, пыталіся спачатку ў маці: “Дазвольце, мама, пад вянец ехаць”, на што тая адказвала: “Бог дазволіць!”, пасля таксама тройчы маладыя звярталіся да бацькі: “Дазвольце, тата, пад вянец ехаць”, на што і той адказваў: “Бог дазволіць!”, і, нарэшце, такое ж траістае благаславенне на просьбу маладых: “Дазвольце, добрыя людзі, пад вянец ехаць” давалі госці. Маладых абводзілі тры разы, абсыпаючы іх жытам. Атрымаўшы благаславенне бацькоў і “радзіначкі” на вянчанне, маладыя тройчы цалавалі абраз на ручніку і выходзілі з хаты ў двор. Маці ў гэты час перадавала абраз святога ў рукі бацьку, а сама брала пасудзіну з зернем і, ідучы следам за маладымі, “абсявала іх жытам”, калі яны праходзілі парог хаты, “каб іх доля была добрая”.
Бацькі (разам). Бласлаўляем вас, дзеткі, на ўсё добрае, а на благое самі навучыцеся.
Госці. У добры час! У добрую гадзіну! На доўгі век! На Аленчына шчасце!
Маладыя з гасцямі едуць да вянца. Бацькі прыбіраюць сталы да застолля. Гучыць запіс песні “Вяселле” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).
1-ы вядучы.

Па дарогах Беларусі,
Дзе расце ў барах ажына,
Дзе ў брадах бялеюць гусі.
Мчыць вясельная дружына.

Тупацяць гнядыя коні.
Аж лісцё спадае з дуба.
Мчыць вяселле, як пагоня.
Са святой царквы, са шлюбу.

Колькі жартаў, колькі смеху
У вясельным, у картэжы!
Песні сыплюцца, як з меху,
Чуць, напэўна, у Белавежы.

Нікне шоўкава травіца
Ад язды, нібы ад грому,
І картэж, каб не блудзіцца,
Едзе к цесцеваму дому.

І маладыя сходзяць з брычкі,
За імі крочаць дзве сястрычкі.
Падносяць вэлюм беласнежны.
Падол трымаючы належна.

Ідуць яны, як муж і жонка,
Вакол кідаюць грошы звонка.
Люд ловіць зубрыкі рухава,
На іх зубрыная выява.

Гатова брама да суботы,
Наўсцяж адчынены вароты.
Дзе па баках стаяць бярозы.
Па клёнах льюць нібыта слёзы.

Паміж бярозаў стол кляновы, −
Страчаць гасцей, казаць прамовы.
А маладым забаўна трошкі –
На ногі ім ляцяць валошкі.

Страчаюць іх бацькі на ганку, −
Дачку Алёну, зяця Янку.
І не скупяцца на закуску,
Даюць хлеб-соль па-беларуску.

Вясельны картэж з песнямі заходзяць у хату, госці маладых абкідаюць цукеркамі, грашыма, кветкамі. Бацькі сустракаюць на парозе хаты з хлебам-соллю на ручніку. Дзеянне ўдзельнікаў суправаджае баяніст.
Свацця. Гаспадары дарагія, просім вашага дазволу ўвесці маладых у дом хлебасольны.
Бацька. Даўно чакаем.
Маці. Прыміце каравай з рук бацькоў і ў шчасці жывіце аж да сотні гадоў.
Маладая прымае хлеб-соль, перадае яго маладому.
Свацця. У народзе існуе адно павер’е: каб жыццё дружна і шчасліва пражыць, маладыя павінны прайсці праз “вароты шчасця”. Сват са свахаю і гасцямі робяць з ручнікоў “вароты шчасця”.

Сват. Мір вясёлы, дом асвятлёны! Браты-сястрыцы, красныя дзявіцы, добрыя маладзіцы! Госцейкі сабраныя, сазваныя, дальнія, бліжнія! Просім вашага дазволу − пад высокім вянцом, пад бацькоўскім крылом, за новымі сталамі – нашых маладых прывітаць, шчасця, долі пажадаць.
Усе госці (разам). Вітаем, вітаем, шчасця-долі жадаем!
Сват.
Маладая жонка і прыгожа, і стройна,
І гаспадар малады з гаспадыняй роўны.
Палюбуемся на іх – перша пара маладых.
Госці падтрымліваюць маладых траістым “Ура!”
2-і вядучы.

А сват, як сват, ён справу знае,
Ён маладым жыццё яднае,
І прымушае іх абняцца,
Пры радаводах цалавацца.
Два радаводы тут сышліся.
Пасябравалі. Абняліся.
І ручніком звязаўшы рукі
З’ядналіся пад трубаў гукі

За рукі ўзяўшыся два роды,
Вакол іх водзяць карагоды.
Так адбываецца яднанне
За добры лад і за каханне.

Сват злучае рукі маладых ручніком.
Гучыць карагодная песня пад баян. Маладыя становяцца парай у круг, а ўсе прысутныя водзяць вакол іх карагод.
Маці (маці з бацькам запрашаюць гасцей за стол і рассцілаюць на лаве ручнік маладым). Паважаныя госцікі! Запрашаем вас за сталы дубовыя, абрусы белыя, на бяседу прыветную ды вясёлую. Частуйцеся, калі ласка, усім тым, чым наша хата багата. (Маладых садзяць на “пасад” у покуці на рассцелены на лаве ручнік як сімвал яднання). Частуйцеся, госці, просім вашай мілосці, каб вы пілі, елі, вясёленька сядзелі, харошыя мыслі мелі, вясёлыя песні пелі.
1-ы вядучы.

Па просьбе свата, як дарадцы,
Гуськом вясельнікі садзяцца.
Канечне, у цэнтры маладыя,
У іх пярсцёнкі залатыя.

Сват.
Сем гадоў пацеў, гэтае вяселле хацеў.
Сем год на печы валяўся, на гэтае вяселле спадзяваўся.
Пакуль за стол залез, дык увесь аблез.
Бабы лён трапалі, кастрыцы ў рот папалі,
Дайце квасцу піці, у роце памачыці.
Дружка нявесты.

Прыйшоў на вяселле наш сваток,
Павязаўшы крыжам ручнічок...
Нам казалі, сват наш вельмі харош,
А ў свата доўгі, буслаў нос.
А ў свата лыса галава
ды казліна рыжа барада.
Плавае па хаце, як таран,
лыпае вачамі, як баран.
Барадою сватка патрасе,
Маладзіцам чарку паднясе.
− Калі, сват, гарэлкі не дасі,
Караваю трасцу ты з’ясі.

2-і вядучы.

Калі ў святліцы ўсё сціхае,
Сват сямітраўкі налівае,
Бацькоў запрошвае да столу.
Усе падымаюцца наўкола.
І маладых віншуе маці.
Віншуе бацька ў роднай хаце:

Бацькі.

Мы, як вясны, вяселля чакалі,
І, слава богу, − прычакалі.
Каб шчасця мелі вы без меры.
Жылі ў дастатку і ў даверы.
Каб радавод наш прыбаўляўся.
А зяць за іншымі не гнаўся.

Сват.

Маладажонаў я віншую,
Бо сямітраўкі водар чую.
Наліты чаркі ўсе кругом,
Ці сямітраўкай, ці віном.
Дык вып’ем чарку аж да дна
Хай на карысць ідзе яна.

Гучыць запіс песні “За маладых” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).
1-ы вядучы.
Праходзяць хмельныя гадзіны.
Святліца, быццам рой пчаліны.
Сват прапануе – хоць ты трэсні!
Для маладых прапець зноў песню.
Выконваецца народная песня“Беларуская хата”.
Адзявалі нявесту ў бела-белае плацце,
Упрыгожвалі вэлюм, запляталі вянок.
І хавала слязіну, хвалявалася маці:
Хай на радасць, на шчасце будзе ціхім дзянёк.
П р ы п е ў:
Беларуская хата на нявесты багата.
Беларуская хата − колькі ў ёй прыгажунь:
Самых пекных у свеце, быццам цвет у букеце,
Сінявокіх вяснянак, працавітых красунь.

I садзілі нявесту к жаніху, к маладому,
Абсыпалі іх жытам і жадалі: “Сто год!”
Каб нявеста ніколі не збягала дадому.
Каб не згінуў, не звёўся маладых радавод.
П р ы п е ў:
I гулялі па тыдню беларусы вяселле,
Аддавалі па дзесяць у замужжа дачок.
I сыноў па дружыне, як заступнікаў, мелі,
Так радня вырастала ў радзінны вянок.
2-і вядучы.

Як толькі песня суціхае,
Сват сямітраўкі налівае.
Але ў гэтую хвіліну,
З парога свату чуць навіна.

Дружкі (іранічна).
Гэй, сваце вешчы, дадому едзь! –
На тваю цешчу напаў мядзведзь.
Сват.
Мядзведзю гэта не даруецца, −
Няхай ад цешчы сам ратуецца!
1-ы вядучы.

Сват вострых жартаў не баіцца.
Сухім ён выйдзе з навальніцы.
На языку блін не спячэцца,
Ад жартаў сват не адрачэцца.
Не, не скардзіцца вяселле.
На тыдзень, пэўна, тут прыселі.

Сват.

Мілыя ягамосці,
ці не пара нам размяць косці?
Гэй, вясельныя музыкі!
Рэжце лявоніху на ўсе зыкі.
Выбірайце пары, хлопцы.
І танцуйце, што ёсць моцы.

Сваха.

Хто радзіўся ў Беларусі,
Лявоніху шпарыць без прымусу,
Бо яна, як зёлкі мая,
Маладосці прыбаўляе.

Выконваецца народны танец “Лявоніха”.
Вядучыя.

Скачуць госці, як ніколі,
Скачуць парамі да столі,
Робяць жартам выкрунтасы,
Пазбівалі ўшчэнт абцасы.

Дружкі.
Свацейка з Арэхава нядаўна прыехала.
Зараз будзе частушкі пець,
Нам на месцы не ўсядзець.
Госці спяваюць частушкі.

1. Мой мілёначак харош,
Хоць за пазуху палож.
Палажыла б за душу –
Ды баюся – задушу!

2. Не хадзіце дзеўкі ў лазню,
Не хадзіце парыцца –
Ад гарачае прыпаркі
Пудра ўся адваліцца.

3. Пастарайцеся дзяўчаты
Усе канавы засыпаць,
Бо такія хлопцы ходзяць,
Што з канавы не відаць.

4. Каля рэчкі я хадзіла,
Дзе шумеў зялёны гай.
А я Янку палюбіла,
Ды не знала, што гультай.

5. Не ідзіце, дзеўкі, замуж,
Замужам нядобра жыць:
Адна дзеўка выйшла замуж
I штодзень дамоў бяжыць.
6. Ой, у садзе грушкі-дзічкі,
А мой жаніх невялічкі.
Буду грушкі абіраць,
Кавалера гадаваць.

7. Баляць ручкі, баляць ножкі,
Баліць сэрца й галава.
Каб мілога не любіла −
Здаравёшанька б была.

8. Ды чаму ж мы ўсе танцуем,
Ды чаму ж мы ўсе пяём?
А таму, што Янку жэнім,
Аленку замуж аддаём.
Гучыць запіс песні “Вяселле віруе” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).
Маці.

Закурыўся каравай
Ды ў каморы стоячы,
Вы танцуеце, гуляеце,
А пра яго не дбаеце.

Адзін з гасцей. Бацька, маці, благаславіце каравай несці!
Бацькі. Бог благаславіць!
Госць. Ці дазволіце каравай у камору схаваці ці на людзі раздаці?
Маці. На стол падаваці, людзям раздаваці!
Гучыць каравайная песня ў суправаджэнні баяніста. Дзверы адчыняюцца, у хату брат нявесты на ручніку ўносіць каравай і ставіць яго на стол, гаворачы:
Брат.

Нясу, нясу каравай з клеці,
Сядзь сабе ды на покуці.
Нясу, нясу каравай з клеці,
На харошанькім месцы.
Нясу, нясу каравай з клеці,
Дай, Божанька, маладым жыці.

Маці.

Багаты, Алена, бацька твой,
Зарадзіла пшаніца на ніве.
Ды высокі сталы на дварэ,
А вышэй каравай на стале.

Сваха.

А зараз мы пачнём прадстаўленне:
Падарункаў вясёлых уручэнне.
Гасцей шаноўных віншаванне,
Сяброў старэйшых навучанне.

1-ы вядучы.
Не дрэмле сват, шукае слоўца.
Бо гаварун ён і прамоўца.
Сват.

Паважанае спадарства!
Спадары, спадарыні!
Пачынаем дары-дарства
Залатымі дарамі.
Хто падарыць, паспяшае,
Каравая атрымае.

Свацця. У нашай маладой ёсць багаты вясельны каравай. Што ў гэтым караваі – ужо і сама не знаю: сямі палёў пшаніца, сямі крыніц вадзіца, дзесяці кароў масла ды яек паўтараста. Сама сеяла, сама пякла, сама гас¬цей гукала, каб каравай паспыталі, шчасця-долі пажадалі.
2-і вядучы.

Да стала падходзяць бацька, маці.
Віншуюць зноў дачку і зяця.
І сват ім чаркі налівае
І караваем надзяляе.

Сват. Ёсць у нашай маладой бацька, маці, што начэй не спалі, дачку гадавалі, дабру навучалі. Мы іх і вітаем, караваем надзяляем. (Дарэнне суправаджаецца музыкай).
Бацькі (разам). Даруем вам павагі, каб не было і нам знявагі.
Бацька.

Дару вам прасніцу і верацёны,
Каб позна не спалі, рана ўставалі,
Добра працавалі.
Каб быў хлеба кусок і дзяцей куток.

Маці.

Дару табе, дачушка, хустку.
Ёй у непагоду можна атуліцца
Старому ў дарозе.
А маладзіцы − мяккаю, шырокаю,
Зложанай удвая,
Ахінуць ля сэрца дзіцяня.

Брат. Дарую сад, у садзе грушы і слівы, каб вы заўжды былі здаровы і шчаслівы!
Бацькі маладога (разам).

Дорым зубрыкі, дукаты
I жадаем шчаснай долі,
Каб жылі-былі багата.
Не забылі б нас ніколі.

Нявеста адорвае ручнікамі бацькоў маладога.
Хрышчоныя бацькі:

Дарым беласнежны
Ільняны сувой,
Каб тайком не бегаў
Малады к другой.

Сват. А цяпер станавіся, радзіна, у адзін рад ды дары Аленачку, хто чым багат!
Да маладых падыходзяць дружкі.
Дружкі

1-я. Дару я грошы і падарункі,
На мядовыя пацалункі.
Каб князёўна князю з жарсці
Сто пацалункаў дала на шчасце.

2-я. Дару, сяброўка-сястрыца, табе фартушок,
Каб стан твой прыгожа абвіць,
У бель чаромхі галаву мілога
У забыцці на фартух палажыць.

Госці.
1-ы. Дарую бульбу ў падоле, каб было ў дзяцей застолле.
2-і. Дарую гектар грэчкі, каб вяліся авечкі.
3-і. Дарую лес, а ў лесе дубкоў. Колькі ў лесе дубкоў, каб столькі ў вас было сынкоў.
4-ы. Дарую стог жыта, каб не была ніколі маладая біта.
5-ы. Дарую стакан суніц, каб не хадзіў малады да другіх маладзіц.
6-ы. Дарую мяшок медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі.
7-ы. Дарую мяшок гліны, каб праз год былі радзіны.
8-ы. Дарую падарунак на чатыры канты, каб было чатыры сыны, і ўсе музыканты.
Сват і сваха (разам).

Мы дарым грошы, падымаем тост.
Каб ішла сямейка ваша ў рост.
Хай і двайняты, і трайняты
Запаланяюць вашу хату.

Нявеста адорвае ручнікамі сватоў.
1-ы вядучы.

Пасля вясельнага дарэння.
Прыйшла гадзіна песнапення.
Сват запрашае – хоць ты трэсні! –
Для маладых прапець зноў песні.
Выкананне народнай песні “Ты ж мяне падманула”.
2-і вядучы. Абрад з ручніком. Пасля таго, як будзе падзелены каравай, маці маладога павінна зняць з нявесты вэлюм (фату) і павязаць знак маці-гаспадыні – хустку і фартушок. Маці маладой вызваляе частку стала, засцілае ручнік, знімае з маладых белыя кветкі, скручвае іх металічныя “ножкі” і кладзе на ручнік, туды ж кладзе перавязаныя знакам вечнасці – чырвонай стужкай – рэчы, якімі падчас вяселля карысталіся маладыя (лыжкі, талеркі, фужэры, заручальныя свечкі і кавалак каравая), перахрышчвае і загортвае у ручнік, перавязвае поясам-абярэгам, на якім вянчаліся маладыя, каб потым пакласці ў шафу (у скрыню ці куфар) і больш ніколі ў жыцці не развязваць. Усе ўдзельнікі абраду свята верылі ў тое, што гэты ручнік назаўсёды “звяжа” гэтую пару. Развязаць ручнік можна было толькі ў двух выпадках: калі доўгі час ў сямейнай пары не было дзяцей ці калі паміралі муж ці жонка. У беларускай традыцыі гэта лічылася адным з самых моцных абрадавых дзеянняў, выкананнем якога бацькі хацелі забяспечыць дзецям доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё. Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі вяселля.

Гаспадыня.
Дарагія госцікі!
Ці добра, ці смачна было?
Частавалі, чым мелі,
Весяліліся, як умелі.
А што кепска – то не мы.
Хай вам шчасціць у працы!

Гаспадар.
Каб вам смачна спалася і лёгка ўставалася.
Каб сталы ў вашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы – шчодрымі.
Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою. Бывайце здаровы, жывіце багата!
Гаспадыня.
Няхай шчасце будзе ў кожнай хаце. Няхай шчасце будзе не выпадкам, а частым госцем кожнага чалавека. Давайце жыць у міры і згодзе пад шчаслівым дахам нашай Беларусі!
1-ы вядучы.

Зноў пасля спеваў на змярканні
Па крузе ходзяць віншаванні.
Але пара ў шлях-дарогу,
Пабалявалі – слава богу!
Сто бочак выпілі ад сілы,
Зубром пушчанскім закусілі.
І падарылі куфар срэбра
Ды палічылі свату рэбры.
Сват зноў бярэ ў рукі справу:
Маўляў, канчаць пара забаву, −
Да маладога ехаць трэба,
Што будзе, як пальецца з неба?
На пасашок сват налівае,
Усіх падняцца запрашае.
За маладых, каб ласку мелі,
П’е аглаблёвую – вяселле.

2-і вядучы.

А час ляціць, як птушкі тыя.
Выходзяць з хаты маладыя.
Іх абсыпаюць бацька, маці
Зярном на шчасце, на багацце.
Яшчэ іх маці хрысціць тройчы, −
Абраз быў сведкам не аднойчы.
Яго дае дачцэ ў рукі,
Хай Бог бярэ іх на парукі.

Маці.
Бласлаўляем вас, дзеці, на шчаслівую долю
Разам з лясамі, лугамі і полем.
Разам з беларускай роднай старонкай,
Хай зашчабечуць унукі нам звонка.
Але нас, старых, не забывайце,
Хоць на хвілінку да нас забягайце.
Маці дорыць абраз з ручніком маладым і абсыпае іх жытам. Госці выходзяць з-за стала і развітваюцца, спяваюць народную песню “Бывайце здаровы”. Вясельны картэж ад’язджае да хаты маладога.
1-ы вядучы.

Па дарогах Беларусі,
Дзе расце ў барах ажына,
Дзе ў брадах бялеюць гусі.
Мчыць вясельная дружына.


2-і вядучы. Абрад “Уваходзіны”.
Гучыць запіс песні “Навасельная” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).
Пабудавана новая хата. Стаіць стол, засланы вышываным абрусам, ля стала лавы, на стале расстаўленыя прысмакі, самавар, гарбата, кубачкі. Гаспадар і гаспадыня чакаюць гасцей. Гаспадыня ўпрыгожвае хату ручнікамі, напявае.
Гаспадыня. (да гаспадара) Здаецца, толькі ўчора вяселле мы з табою спраўлялі. А вось, глядзі ты, і хату збудавалі. Проста не верыцца!
Гаспадар. (весела) I сапраўды!
Грукаюць у дзверы. На парозе з’яўляюцца госці. Яны заходзяць парамi, вітаюцца, перадаюць падарункі, віншуюць.
1-ы госць.
Нядаўна, здаецца, вяселле гулялі,
Ад шчырага сэрца дабра вам жадалі.
А сёння спраўляем другія падзеі,
І рады за вас, што збыліся надзеі!
Вось новую хату ўдвух збудавалі,
І Любку дачушку ў свой час прыдбалі…
Хай шчасце ў хаце заўсёды лятае,
Дый бусел на стрэху няраз прылятае!
1-я госця.
Новы дом – нібы вяселле,
Нават розніцы няма:
Не сабака ты на сене –
Ці то лета, ці зіма.
Мы дорым вам падкову, каб шчасце ніколі не пакідала вашу хату!
2-і госць.
Хай жа будзе тут заўсёды
Так заможна, як нідзе.
Хай да хлеба будуць соты –
Каб і мёд па барадзе.
2-я госця. А вось шматок саломы. Калі, крый Божа, давядзецца каму-небудзь з вас упасці, няхай заўсёды будзе саломка пад рукой.
3-я госця.
Уваходзіны спраўляем.
Хай жывуць гаспадары,
Мы цяпла ім пажадаем,
Гэта ўжо не на двары.
3-і госць.
Каб не зведаць вам ні кратаў
I ні торбы жабрака,
Мы жадаем шчасця ў хату
I з дабром дамавіка.
4-я госця. А гэта табе, гаспадыня, салонка з соллю. I памятай: недасол – на стале, перасол – на спіне.
5-ы госць. Мы са святам ўваходзін
Вас прыйшлі павіншаваць.
Хай вам Бог заўсёды годзіць
Шчасця – радасць нажываць.
5-я госця. Вось вам, паважаныя гаспадары, яйка – не залатое, а звычайнае: няхай вашы куры добра нясуцца.
6-ы госць.
Мы жадаем вам пражыць
Шмат гадоў і трошкі.
Ворах шчасця вам нажыць
І дабротаў ношку.
Гавораць, што дзяцей знаходзяць у капусце. Пашукайце, калі ласка, можа, і вы знойдзеце іх там.
Дорыць качан капусты.
7-ы госць.
З вашай працы, з Божай ласкі
У цяжкую эпоху
Вы займелі дом уласны,
Ну, і дзякуй Богу.
7-я госця. А гэта наш самы галоўны падарунак – абраз Божай Маці. Няхай яна на працягу ўсяго жыцця зберагае Вас і вашу хату ад нячыстай сілы.
Перадае абраз з ручніком гаспадыні, якая нясе і вешае яго на покуці ў хаце.
Гаспадыня. Госцейкі, дарагія! Так прыемна, што вы прыйшлі да нас. Пройдзем, паглядзім нашу новую хату, а потым пачастуемся за сталом.
Гаспадары запрашаюць усіх агледзець новую хату.

1-ы вядучы. Абрад хрэсьбіны.
Гучыць запіс песні “Госці мае” (муз. П. Яроменкі, сл. Я. Вароўскага).

2-і вядучы.
Як у сенечках музыкі іграюць,
А ў хатачцы хрэсьбіны гуляюць.
Сцэна – святочна прыбраная сялянская хата. Дзве сяброўкі парадзіхі збіраюць на стол, ім дапамагае бацька дзіцяці. Маці калыша немаўля.
Бацька. (сяброўкам). А ну, дзяўчаткі, хутчэй варушыцеся, бо хутка кумочкі прыедуць.
Стук у дзверы.
Маці. Гэта ж, напэўна, кумы прыехалі да нас.
Бацька адчыняе дзверы. На сцэне з’яўляюцца кумы.
Кум. Шчасця і багацця ў дом!
Кума. (кладзе каравай з ручніком на стол). Няхай жа ў вас добрае вядзецца ды памнажаецца.
Кумы цалуюцца спачатку з бацькамі дзіцяці, потым з бабкаю.
Кум. А дзе ж наш хрэсьнічак, дзе наш прыгожанькі?
Бабка выносіць дзіця да кумоў.
Бабка. Бярыце народжанае, а прынясіце нам хрышчонае. Занясі, Божа, да Хрыста святога, дазволь, Божа, у хрысціянскую веру малога давясці. Прывядзі, Божа, парадзіху да першага здароўя. Дай, Божа, каб яна яго ахрысціла, да розуму давяла і на вяселлі пагуляла.
Бабка перадае куме дзіця, кланяецца.
Кума. Бяром народжанае, а прынясём хры¬шчонае.
Бабка. Дзе тут ёсць бацька, маці, браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, суседзі, сябры, блізкія, далёкія, нявыбраныя – усіх прашу дзіця ў дарогу да Хрыста блаславіць.
Усе бласлаўляюць дзіця на дарогу. Кумы едуць хрысціць дзіця у храм. Бацькі гатуюцца спраўляць хрэсьбіны.
Уваходзяць госці з пачастункамі. Гаспадары і бабка вітаюць гасцей, рассаджваюць іх за сталамі. За вокнамі шум: прыехалі кумы з пахрышчаным маленькім. Госці ўстаюць і паклонамі вітаюць кумоў.
Кума (перадае дзіця бацьку). Трымайце дачушку.
Кум. Бярыце ваша народжанае, а намі хрышчонае. Судзіў Бог бачыць яе пад Хрыстом, судзі, Божа, бачыць яе пад вянцом.
Кума. Дай жа, Божанька, мець вам у ёй пацеху, а ў горы − уцеху.
Бацька (прымае дзіця на рукі). Бяром намі народжанае, вамі хрышчонае, каб была нам пацехай, а ў горы – уцехай.
Бацька перадае дзіця маці.
Маці. Ну, бабулька, кумочкі даражэнькія, просім вас на месца пачэснае за сталом.
Кум. Божа, блаславі. Каб наша маленькая так высока скакала.
Кума. Няхай жа Божа маленькую нашу гадуе ды долю ёй лепшую рыхтуе. Дай, Госпадзі, нам дажыць і на яе вяселлі пагуляць!
Маці. Частуйцеся, госці, нічога сабе не шкадуйце.
Бабуля: Ой, учора, людзечкі мае, ў нас радзінкі былі, а сягоння, мае людзечкі, мы на хрэсьбінкі прыйшлі. Не шкадуйце, мае людзечкі, па гасцінчыку даць, то мы будзем, мае госцейкі, аж да аўторка гуляць.
Вядучы. Бабуля ставіла на стол талерачку, клала на яе капейку і ўсім гасцям раздавала па лыжцы кашы. Кожны госць рукою браў кашу з лыжкі, а ў лыжку клаў капейку і гаварыў віншаванне. Сабраўшы ад ўсіх грошы і палажыўшы лыжку кашы, яна перадавала яе з талеркай маці дзіцяці. (Аповед вядучага дэманструецца ўдзельнікамі хрэсьбін).
Маці. А цяпер, бабулька, прымі і ты ад нас падаруначак, за тое, што пагадзілася быць у нас за бабулю, за тое, што крапіла вадою свянцонай наша дзіцятка. (Павязвае хустку бабулі).
Бабуля. Дзякуй табе, Аленачка, за падаруначак. Жадаю, каб мая ўнучачка і ваша дачушачка вялікай росла. Каб на яе долю паслаў Бог усяго ўволю!
Маці. А гэта вам, кумочкі, што стаялі з нашым сыночкам пад Хрыстом.
Дорыць ручнікі.
Кум. Ну што, гаспадарыкі, я і кума цяпер на¬век з вамі звязаны. Вы бацькі, якія дзіця нарадзілі. Мы бацькі, якія дзіця ахрысцілі. Будзем нашую дачушку разам даглядаць і гадаваць.
Гучыць запіс песні “Пра куму” (ансамбль народнай песні “Бяседа”).
Кума. Засядзеліся мы ўжо, пара і дадому збірацца. Дзякуй за пачастункі.
Кумы і астатнія госці развітваюцца з гаспадарамі і пакідаюць хату.

1-ы вядучы. Ручнік у пахавальна-памінальнай абраднасці.
Гучыць ціхая інструментальная музыка. На сцэне з’яўляюцца вядучыя у чорным адзенні з хусткамі на плячах.
2-і вядучы. Вось гляджу я на гэтыя ручнікі і думаю: служаць яны нам усё жыццё, а потым яшчэ і ў апошні шлях праводзяць…Шырока выкарыстоўваўся ручнік і ў жалобнай абраднасці.
1-ы вядучы. У пахавальных звычаях і абрадах ручнік заканамерна выступаў у ролі медыятара паміж светам жывых і светам продкаў, куды накіроўваецца нябожчык, якому таксама трэба ахова і клопат родзічаў. На Гомельшчыне пасля смерці чалавека на акно ставілі шклянку з чыстай вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка мела магчымасць памыцца і чыстай з’явіцца на той свет. Абавязковым лічылася абабіваць дамавіну ручніком, але нельга было пакідаць доўгіх канцоў, бо нябожчык забярэ з сабою ўсіх сваякоў. Арнаментаваныя тканіны спадарожнічалі і самому абраду пахавання. Каня запрагалі ў павозку з труной толькі за некалькі хвілін да адпраўлення з двара, прычым замест павадоў да аброці прывязвалі ручнік, за які і вялі каня.
2-і вядучы. У гісторыі славянскіх народаў доўгі час існавала традыцыя апускаць труну ў магілу менавіта на ручніках. У кожнай гаспадыні былі такія ручнікі. Яны адрозніваліся ад астатніх, напрыклад, вясельных, у першую чаргу сваім арнаментам. Пахавальныя ручнікі аздабляліся арнаментамі, па якіх можна было “прачытаць” пра “той” свет, славянскую багіню смерці Марану і інш. Па-другое, пахавальныя ручнікі былі даўжэйшыя за астатнія. Яны маглі быць новымі, г.зн. вытканыя гаспадыняй, як казалі, “на смерць”, а маглі перадавацца ад бабулі. У любым выпадку іх захоўвалі ў асобным месцы, каб дзеці і моладзь не прыхапілі для іншага выкарыстання.
1-ы вядучы. У некаторых месцах Беларусі (напрыклад, Старадарожскім раёне) практыкавалася адорванне ручнікамі, хусткамі ўдзельнікаў пахавання, тых, хто капае магілу, нясе труну. Да старажытных звычаяў адносіцца ўпрыгожанне надмагільнага крыжа ўзорнымі ручнікамі, наміткамі, фартухамі. Арнаментаваная тканіна служыла свайго роду апазнавальным знакам – каб пазнаць магілу, а таксама разглядалася як дэкаратыўны элемент. У народзе казалі: “Убярэш магілку, так харашэй жа”, “Ручнік – гэта ўбор крыжа”. Так ручнік рабіўся дарогай на той свет.
2-і вядучы. Узорыстыя тканіны фігуравалі і ў памінальных абрадах беларусаў. На Віцебшчыне ручнік вісеў за акном як знак жалобы сорак дзён, вывешваўся ён і ў агульныя памінальныя дні. ІІа павер’ях, гэта рабілася для таго, каб душы нябожчыкаў маглі беспамылкова пазнаць жыллё сваіх родных. На Радаўніцу рассцілалі на могілках даматканыя абрусы, ручнікі з памінальнай ежай. У гэты дзень мянялі ручнікі на надмагільных крыжах. На Дзмітраўскія Дзяды (26 кастрычніка) стол накрывалі чыстым абрусам, а на абразы вешалі вышываныя набожнікі.
Гучыць ціхая інструментальная музыка. Выконваецца верш “На ручніках...” Р. Барадуліна.
3-і чытальнік.
На ручніках маўклівую труну,
Як скарб апошні,
Давяраюць долу.
У скрухі не спытаўшыся дазволу,
Гукае сподзеў вечную вясну.
...
Хаваюць боль і роспач ад сябе
Цяжкія вочы,
Згорбленыя спіны.

Заплеччу ціха шэпчуцца ўспаміны.
Зярняты слёз пакорацца сяўбе.
...
Старэе зябка цішыня вякоў.
Душа шукае,
Дзе не спіць аблога.
І шырыцца да Госпада дарога
Са сцежак вышываных −
З ручнікоў...

1-ы вядучы. Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць i расшываюць яго i сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Кожнае з іх, спасцігаючы законы аздаблення тканіны, асэнсоўвала i складвала ў адзіную народную скарбонку разуменне ручніковага дэкору i яго асаблівасцей, тэхнічных прыёмаў, найлепшых колеравых спалучэнняў. Паступова, год за годам, стагоддзе за стагоддзем, выпрацоўваліся i адточваліся характэрныя адзнакі традыцыйнага аздаблення беларускага ручніка. Загадкавымi знакамi арнаменту, магiчнай абрадавай сiлай i хвалюючай вобразнай мовай мастацтва ручнiк працягвае ўдзел у нястомным дыялогу мiнуўшчыны i будучынi.

Гучыць ціхая інструментальная музыка. Выконваюцца вершы.
4-ы чытальнік. “Наш беларускі ручнік”. А. Дзеружынскі.

З каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор.
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Наш ручнік, як золата, свіціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
I ў прасторных хатах, у святліцах
На вяселлі радуе гасцей.
Быццам веюць ветрыкам дубровы
I прыемнай свежасцю сады,
I пад лёгкі шолах ручніковы
Песні, пацалункі маладых.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
I глядзіш, глядзіш зачараваны –
На дзівосны, казачны ўбор.


5-ы чытальнік. “Ручнікі”. А. Пысін
Вьшывала маці... У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.
Расцвіталі ружы і ляны
У непаўторных веснавых узорах
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.
Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар-благаславенне бралі;
У партызанскіх баравых лясах
Ручнікі на ранах абгаралі;
Тлелі пад сцягамі і дажджом
На магільным помніку Герою.
Сёння ў хатах многіх над Сажом
Узоры тыя ж зіхацяць зарою.
На далёкім полі цаліны
Выцірае хлопец твар спацелы,
За паўсвету ў свет,
За край лясны
Ручнікі, як птахі, заляцелі.
Крылы ільняныя... Ручнікі...
Ружы незавялыя і краскі...
Прыкладзешся вільгаццю шчакі.
Быццам матчыну пачуеш ласку.

2-і вядучыя. Чаму нашу Радзіму называюць Белай Руссю? Існуе некалькі тлумачэнняў. Адны лічаць, што наша зямля атрымала такую назву, бо не была заваяваная іншаземцамі (белая – значыць чыстая, вольная, незалежная). Другія мяркуюць, што белае льняное адзенне, светлыя валасы нашых продкаў паслужылі для яе назвы. А можа, так зямля стала называцца ад ручнікоў, разасланых па берагах рэчак і азёраў, якія ад сонца і вады станавіліся бялюткімі-бялюткімі? Ад тых палатняных белых ручнікоў-крылаў, што ў кожнай нашай хаце…
Выкананне народнай песні “Беларусь” удзельнікамі свята. Музычную кампазіцыю дапаўняе мультымедыя пейзажных замалёвак Беларусі.

1.Палюбіць Беларусь вельмі проста,
Трэба толькі прыехаць сюды,
Дзе пявучыя стромкія сосны
І іскрыстыя сцежкі вады.
Тут жывуць светларусыя людзі
І калышыцца лёну блакіт.
Хто калісьці тут быў, не забудзе
Тумановы світанак ракі.
П р ы п е ў:
Беларусь, Беларусь,
Дорыш людзям красу.
Беларусь, Беларусь,
Цябе ў сэрцы нясу (2р.).
2. Тут над дахамі бусел лятае,
Храм Сафіі стаіць над Дзвіной.
Я, як добрую казку, згадаю
Сіні погляд Радзімы маёй.
Прыгажуні-бярозкі глядзяцца
У празрыстае люстра вады,
Так спакусліва вабяць духмяным
Пахам кветак вішнёвым сады.
П р ы п е ў:
Беларусь, Беларусь,
Дорыш людзям красу.
Беларусь, Беларусь,
Цябе ў сэрцы нясу (2р.).

1-ы вядучы. Сёння мы ўзгадалі таямніцы беларускай зямлі, прыўзнялі заслону народных традыцый. Вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ, бадай, самая галоўная наша задача. Нашы вочы і душы здольныя не проста бачыць прыгажосць, адчуваць гармонію сусвету – мы рукамі сваімі ўмеем рабіць свет прыгажэйшым. Тканыя, вышываныя ручнікі, якія можна назваць рукатворнымі летапісамі душаў, памкнёных да прыгажосці, сталі сімваламі беларускай нацыі, і імі мы можам ганарыцца нароўні з Белавежскай пушчай ці Нацыянальнай бібліятэкай.
Вядучы 2. “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна”, − так сказаў шчыры патрыёт сваёй Радзімы Уладзімір Караткевіч.

Спіс літаратуры

1. Кацар, М.С. Беларускi арнамент. Ткацтва. Вышыўка / М. С. Кацар; навук. рэд. Я. М. Сахута. – Мінск : БелЭн, 1996. – 208 с.
2. Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры : абрады, рытуалы, культурныя традыцыі / Я. Крук. – Мінск : Ураджай, 2000. – 350 с.
3. Крэнь, С.М. Уваходзіны : сцэнарый абраду / С. М. Крэнь // Народная асвета. − 2009. − № 4.
4. Кухаронак, Т. І. Радзіны. Вяселле / Т. І. Кухаронак, Т. Б. Варфаламеева // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларус. навука, 2001. − С. 189 – 304. – Т. 1. Магілёўскае Падняпроўе.
5. Кухаронак, Т. І. Ручнік у беларускай радзіннай абраднасці : функцыі і сімволіка / Т. І. Кухаронак // Ручнік у прасторы і часе : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., 19 − 20 ліст. 1998 г. / агул. рэд. В. А. Лабачэўскай. – Мінск : БелІПК, 2000. − 188с. − С. 103 – 107.
6. Лабачэўская, В. А. Повязь часоў – беларускі ручнік : альбом / В. А. Лабачэўская. – Мінск : Беларусь, 2009. − 298 с.
7. Леанавец, Н. Матулін ручнік : сцэнарый вечарыны / Н. Леанавец // Роднае слова. − 1998. − № 10. – С. 132 – 136.
8. Пармон, Л. Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму… : сцэнарый вечарыны /Л. Пармон, Л. Сахарэвіч, Н. Трыгубовіч // Роднае слова. – 2006. − №7. – С. 67 – 70.
9. Сахута, Я. М. Народныя мастацкія рамёствы Беларусі / Я. М. Сахута. – Мінск : Беларусь, 2001. – 167 с.
10. Фадзеева, В. Беларуская народная вышыўка / В. Фадзеева. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 199 с.
11. Фадзеева, В. Беларускі ручнік / В. Фадзеева. – Мінск : Полымя, 1994. – 327 с.